ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,

канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс. чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)